БАРБІЗО́НСКАЯ ШКО́ЛА,

група франц. жывапісцаў — майстроў рэаліст. пейзажа 1830—60-х г. Назва ад вёскі Барбізон каля Фантэнбло, дзе працавалі мастакі гэтай групы (Т.Русо, Ж.Дзюпрэ, Н.Дзіяз, Ш.Ф.Дабіньі, К.Труаён, Ш.Жак, Р.Банёр і інш.).

Аснова іх метаду — пейзаж з натуры. Насуперак акад. тэорыям яны адлюстроўвалі не мясціны, слынныя прыгажосцю, а звычайныя куткі роднага краю ў розныя поры года і сутак. Распрацавалі методыку танальнага жывапісу тонкімі валёрамі, светлавымі і колеравымі нюансамі (гл. Пленэр). Каларыт пейзажаў Барбізонскай школы няяркі, змякчаны карычневымі і шэрымі тонамі. На жывапісныя прыёмы Барбізонскай школы ўплывалі галанд. мастакі 17 ст. і англ. пейзажысты Дж.Констэбл і Р.Бонінгтан. Традыцыі Барбізонскай школы ў сваю чаргу паўплывалі на развіццё рэаліст. кірунку ў жывапісе інш. еўрап. краін.

Літ.:

Яворская Н.В. Пейзаж Барбизонской школы. М., 1962.

т. 2, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)